Ляпіс здымае навагодні кліп, які будзе не горшы за "Иронию судьбы"


Рэжысёрам будзе аўтар знакамітага “Капітала”.
Выбар кліпмейкера Аляксея Церахава трапіў на песню “Огоньки” з апошняга альбома "Ляпіса Трубяцкога". Па словах рэжысёра, кліп будзе ў стыле рэтра:

“Плануецца зрабіць навагодні ролік. Існуе вельмі шмат кліпаў і песень, якія робяць спецыяльна для Новага года, але ніхто не дасягнуў такога ўзроўню, як “Ирония судьбы, или С лёгким паром”, калі ўсе сядаюць перад сваімі салатамі з морквы, бульбы і гарошку і з задавальненнем глядзяць гэты фільм кожны Новы год і балдзеюць ад яго.

То бок, я паставіў сабе за мэту зрабіць прыкладна такога ж узроўню, але кліп. Ён будзе вытрыманы ў такой рэтра-стылістыцы, на аснове старых фотаздымкаў. Паспрабуем паспець да Новага года”.


Як даведалася Еўрарадыё, кліп будзе складацца з чорна-белых фотаздымкаў савецкіх часоў. Некаторыя з іх мастак размалюе, каб лепш перадаць атмасферу дзяцінства і свята. Акрамя фота ніякіх відэаздымкаў у роліку не будзе.

Здымкі падбіраліся з хатніх калекцый сяброў майстра. Трапяць у ролік і здымкі Сяргея Міхалка, але, як распавёў Аляксей Церахаў, будуць яны там не таму, што гэта выканаўца песні, а проста з-за сваёй каларытнасці.



На фота — працоўны матэрыял да кліпа.