Лідзія Ярмошына плануе напрыканцы 2021-га сысці са сваёй пасады

Лідзія Ярмошына плануе пакінуць пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама напрыканцы 2021 года.
20 снежня 2021 года заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга складу ЦВК. У сувязі з гэтым Ярмошына рыхтуецца да сыходу.
"Павінна быць прызначаная новая камісія. І я думаю, што яна будзе прызначаная да прызначэння мясцовых выбараў. Я не планую заставацца на сваёй пасадзе", — заявіла чыноўніца ў інтэрв'ю інфармагенцтву БелаПАН.
Ярмошына плануе выйсці на пенсію. Разам з тым яна не выключае, што ёй прапануюць папрацаваць і пасля гэтага тэрміну.
"Але ёсць моманты, калі, магчыма, мяне папросяць на нейкі пераходны перыяд, можа, на перыяд правядзення рэферэндуму часова папрацаваць. І, натуральна, я не змагу сказаць "не", — патлумачыла яна ў каментары Sputnik.
27 красавіка старшыня ЦВК паведаміла, што на пачатку 2022 года пройдзе рэферэндум па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што гэты рэферэндум можа быць спалучаны з мясцовымі выбарамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.