Чаргінец: Дзяржава самастойна не справіцца з павелічэннем вырабу спіртнога

Большасць злачынстваў на бытавой глебе па статыстыцы здзяйсняюцца ў нецвярозым стане. Летась ДАІшнікі затрымалі каля 60 тысяч кіроўцаў, якія былі нападпітку. За першыя тры месяцы 2008 года па віне п’яных кіроўцаў загінулі 38 чалавек. А між тым, толькі ў студзені-красавіку на спажывецкім рынку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 1,3 трыльёна рублёў, што складае 13% у агульным аб'ёме рознічнага таваразвароту гандлёвых арганізацый. Продаж алкагольных напояў у пераліку на абсалютны алкаголь павялічыўся на 3,5% у параўнанні з узроўнем студзеня-красавіка 2007 года (да 3,317 млн дал.). Продаж піва ўзрос у параўнанні са студзенем-красавіком 2007 года на 34,2% (да 8,082 млн дал.). Па словах начальніка рэспубліканскага ДПС Юрыя Літвіна, штодзень толькі ў Мінску інспектары затрымліваць 20-25 нецвярозых кіроўцаў, а летась па краіне іх затрымалі каля 60 тысяч. І лічба гэта з кожным годам павялічваецца.

Юрый Літвін:
“Летась па віне нецвярозых кіроўцаў на дарогах загінулі 175 чалавек. А за першы квартал гэтага – 38. Атрымліваецца, што менш, чым за паўтара года загінула амаль 200 чалавек. Па статыстыцы, мы штогод затрымліваем больш нецвярозых кіроўцаў, чым у папярэднім. У мінулым годзе такіх затрымалі каля 60 тысяч. Больш за тое, калі за гэтыя парушэнні на дарозе ўвялі крымінальную адказнасць, іх напачатку стала менш. Але, відаць, людзі адаптаваліся да гэтага заканадаўства, і цяпер назіраецца невялікае, але павялічэнне затрыманняў паўторных за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. З якой нагоды, сказаць не магу, але першая – адаптацыя, а другая – не зусім жорсткія прысуды, на мой погляд, за гэта”.

Адным з дзейсных сродкаў барацьбы з нецвярозымі кіроўцамі можа стаць, на думку начальніка ДПС, канфіскацыя транспартных сродкаў за паўторнае парушэнне без выплаты кампенсацыі.

Юрый Літвін: “Ёсць прапанова Генпракуратуры за паўторнае кіраванне транспартным сродкам цягам года ў нецвярозым стане канфіскоўваць машыны без грашовай кампенсацыі. Я лічу, што гэта павінна паўплываць на людзей”.

Менавіта па прапанове МУС, гаворыць суразмоўца Еўрарадыё, у свой час забаранілі продаж алкаголю ў крамах пасля 21 гадзіны. Не знайсці, па яго словах, гарэлкі і піва ў прыдарожных кавярнях і на аўтазапраўках. Цяпер, па словах начальніка ДПС, праваахоўнікі выступаюць за тое, каб было больш жорсткае пакаранне і за распіванне алкаголю ды піва ў грамадскіх месцах – у парках ды на прыпынках.

Па звестках Міністэрства аховы здароўя, каля 200 тысяч чалавек у Беларусі з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі і стаяць на ўліку ў наркалагічных дыспансерах. Але, калі верыць звесткам неафіцыйным, то гэтую лічбу трэба памнажаць як мінімум на 10, а то і на 15. Большасць проста на ўлік у дыспансеры не трапляюць. І таму, па словах галоўнага нарколага Беларусі Уладзіміра Максімчука, медыкі вельмі занепакоеныя ростам аб’ёмаў вытворчасці і продажу алкагольных напояў у краіне.

Уладзімір Максімчук: “Мы незадаволеныя тым, што павялічваецца вытворчасць і продаж спіртнога. Яны пастаянна павялічваюцца! Але ж прамысловасць Міністэрству аховы здароўя не падпарадкоўваецца. Праўда, на фоне Расіі ды Украіны мы не вельмі моцна пітушчая краіна, але ганарыцца тут асабліва няма чым”.

Па яго словах, калі раней больш “аматараў” алкаголю было сярод працоўных, то цяпер гэтая праблема актуальная для усіх сацыяльных класаў. І пазбавіцца ад алкагалізму вельмі складана.

Уладзімір Максімчук: “Цяпер усё змяшалася. Раней больш піў працоўны клас, а зараз п’юць усе. Размежаванняў па класах няма. На пачатковай і нават на сярэдняй стадыях з алкагалізмам справіцца можна. Але пасля 2, 3 стадыі ўжо праблемы ёсць – неабходна праявіць характар, волю і настойлівасць”.

Выказаў сваю занепакоенасць ростам колькасці хранічных алкаголікаў у нашай краіне і Старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец. Асабліва, кажа, крымінальным бокам гэтага пытання.

Мікалай Чаргінец: “Я гэтыя пытанні адсочваю і магу сказаць, што тыя злачынствы, якія здзяйсняюцца на сямейна-бытавой глебе, амаль усе звязаныя са злоўжываннем алкаголем. Гэта і забойствы, і цяжкія цялесныя пашкоджанні. Урэшце, злоўжыванне вядзе да распаду сям’і”.

Між тым, калі браць агульную статыстыку, то, згодна з дадзенымі МУС, да 30% ад усіх злачынстваў здзяйсняюцца нецвярозымі людзьмі. Еўрарадыё пацікавілася ў сенатара, як могуць суіснаваць адначасова клопат дзяржавы аб здароўі нацыі і павялічэнне выпуску алкагольных напояў? Чаму ўлады нічога не робяць, каб зменшыць аб’ёмы вытворчасці і продажу?

Мікалай Чаргінец: “Ведаеце, калі гэтым будуць займацца толькі дзяржаўныя органы, без удзелу самай шырокай грамадскасці, то гэта да вынікаў не прывядзе. Трэба ўсім светам зразумець небяспеку, якую ўяўляе алкагалізм для нацыі, і вырашаць гэтыя пытанні ўсім разам. Ёсць цэлыя праекты, як з гэтым справіцца. Гэта – і адпачынак, і розныя забавы, і спорт”…

Неяк пракаментаваць лічбу, якую продаж алкаголю і піва складае ад усяго рознічнага гандлю, начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынка харчовых тавараў Міністэрства гандлю Любоў Язэпчык адмовілася.