Чаму кілбасы на Камароўцы захоўваюць у жалезных кантэйнерах пад сонцам?

Журналіст Еўрапейскага радыё адправіўся на Камароўскі рынак, каб на свае вочы пабачыць, як там захоўваюцца кілбасы ў такую спёку. На першы погляд, на крытым рынку, дзе гандлююць кілбасамі, з санітарнымі нормамі ўсё добра. Прадавачкі ў адзін голас гавораць, што “мяса захоўваецца ў лядоўнях”:

“У нас мяса толькі сёння прывезлі. А звычайна мяса знаходзіцца ў лядоўнях”.

Але ж дзе знаходзяцца тыя лядоўні? Час ад часу мажныя хлопцы ў спецвопратцы падвозяць кілбасы. Я прасачыў іх шлях і выйшаў ва ўнутраны дворык Камароўскага рынку. Там на самай спёцы стаяць металічныя кантэйнеры. Адсюль грузчыкі і падвозяць на крыты рынак кілбасы.

Зрабіўшы некалькі фотаздымкаў гэтых “лядоўняў”, я паспрабаваў пагаварыць з людзьмі, якія займаліся разгрузкай кілбасы. Адразу ж з’явіліся прадстаўнікі міліцыі, якія давялі, што паглядзець на ўмовы захоўвання мясных вырабаў нельга.

Пра гэтыя ўмовы захоўвання Еўрапейскаму радыё расказала загадчыца лабараторыі санітарна-ветэрынарнай бяспекі Камароўскага рынку Наталля Белая:

“Калі гэта тычыцца свініны, то тэмпература павінна быць у межах 0 – мінус 1. У прынцыпе, у гэтым дыяпазоне павінна вытрымлівацца ўсё мяса. Адзіная тэмпература павінна быць пры транспартаванні, захаванні і рэалізацыі”.

На пытанне, а што ж гэта за металічныя кантэйнеры ва ўнутраным дворыку, Наталля Белая адказала, што там таксама “мясныя” лядоўні.

“Там складское памяшканне і халадзільная камера. Там ёсць спецыяльнае памяшканне для захоўвання дэзраствору, мыечнага абсталявання, вёдзер, анучак і гэтак далей. Наступнае памяшканне - халадзільная камера для мясных вырабаў”.

На наступны дзень карэспандэнт Еўрарадыё разам з загадчыцай аддзела гігіены харчавання Цэнтра гігіены Аленай Шэметавай наведалі Камароўку. Нас не чакалі, візітам былі здзіўленыя. Гаспадары без пытанняў адчынялі дзверы кантэйнераў і паказвалі градуснікі.

Алена Шэметава: “Вось тут тэмпература мінус 16 градусаў. Захоўваецца свежазамарожаная рыба. У прынцыпе, для гэтага тавару нармальна. Камера чыстая, і пытанняў да яе няма”.

Абышоўшы ўсе кантэйнеры, загадчыца аддзела гігіены харчавання зрабіла свае высновы:

Алена Шэметава: “Асноўныя прэтэнзіі па сантэхстане. Па тэмпературным рэжыме — адзінкавыя заўвагі невыканання”.

Было яшчэ некалькі заўваг па вышыні паддонаў, на якія ставяць скрыні з таварам у кантэйнерах. У большасці выпадкаў яны вельмі нізкія, а павінны быць 15 сантыметраў у вышыню.

Што ж тычыцца праверак, то, як сказала кіраўніца змены службы арганізацыі рынкавага гандлю Жана Шкурынава, іх у кантэйнерах адміністрацыя рынку ладзіць амаль штодня.

Жана Шкурынава: “У нас рэвізійны аддзел працуе. Яны могуць і ў 7, і 8, і ў 9 гадзін праверыць. Калі ёсць парушэнні — караем. Але калі б было вельмі шмат, нас бы ўжо даўно зачынілі”.

Урэшце я пабачыў на ўласныя вочы, што з сябе ўяўляюць кантэйнеры-лядоўні, уся таямнічасць вакол іх знікла, і стала незразумелай тая сакрэтнасць, якую вакол іх навялі. Тым больш, што, як стала вядома Еўрапейскаму радыё, ужо прынята рашэнне іх прыбраць увогуле. На гэтым месцы пабудуюць сапраўднае халадзільнае сховішча.