"Белнафтахім" з лістапада пафарбуе салярку, каб не кралі

Пачынаючы з лістапада дызельнае паліва, якое адпускаюць сельгаспрадпрыемствам, будзе пафарбавана ў зялёны колер, а бензін Н-80 стане сінім.

З чым звязана гэтае новаўвядзенне, даведаўся наш карэспандэнт Аляксей Мурланаў:

“Як паведаміў кіраўнік прадпрыемства “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” Віталь Іванюк, пафарбаванае паліва з’явіцца з пачатку наступнага месяца ва ўсёй краіне.

Гэты крок тлумачыцца вялікай колькасцю крадзяжоў саляркі і бензіну з сельгаспрадпрыемстваў. Паліва з нехарактэрным колерам аніяк не можа пашкодзіць рухавік і поўнасцю адпавядае стандартам”.


Стала вядома, што рэагенты, якія нададуць паліву колер, вырабляюцца толькі ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Адзін кілаграм рэактыву каштуе каля 10 долараў, але каб пафарбаваць адну тону саляркі, яго спатрэбіцца толькі 30 грамаў.

Дарэчы, пакуль невядома, якім чынам каляровае паліва дапаможа скараціць колькасць крадзяжоў.