Беларусы пераселі на міні-вэны, а ў лідарах продажу Daewoo Matiz і Samand

Замест “наварочаных”, але ўжываных аўто, мінчукі пачалі купляць новыя простыя аўтамабілі. А бізнесмены больш не баяцца ездзіць на дарагіх аўто. Чым нашы кіроўцы адрозніваюцца ад суседзяў і якія машыны выбіраюць беларусы? Пра тэндэнцыі аўтамабільнага рынку Еўрарадыё паразмаўляла з рэдактарам сайта www.domkrat.by Дзмітрыем Навіцкім.

Еўрарадыё: Якія аўтамабілі купляюць беларусы? Якая марка ў нас цяпер самая папулярная? І ці змяніўся густ за апошнія гады?


Навіцкі:
Зацікаўленасці беларусаў змяніліся ў сувязі з прыняццем новых мытных пошлін. Цяпер юрыдычныя асобы растаможваюць аўтамабілі па высокіх стаўках, а фізічныя – па нізкіх. Таму, адпаведна, калі казаць пра новыя аўтамабілі, то купляюць цяпер у асноўным бюджэтныя недарагія машыны. Лідарамі продажу сталі Daewoo Matiz і Samand. Дарагія аўтамабілі беларусы цяпер купляюць пераважна ў Літве, і возяць іх самастойна. А ў цэлым на рынку лідары тыя ж самыя – гэта немцы: Volkswagen, Audi…

За які кошт у сярэднім купляюць аўтамабілі ў Беларусі?

Сярэдні беларус цяпер ездзіць на аўтамабілі, які каштуе прыкладна 5-7 тысяч долараў, зацікаўленасць перайшла ў бок мінівэнаў. Калі раней народным аўтамабілем быў “ Фольксваген Пасат-універсал… дызель”, як у песні Лявона Вольскага, то цяпер нашы людзі пераселі на мінівэны – гэта Opel Zafira, Volkswagen Touran.

З чым звязана тое, што беларусы пераселі на мінівэны?

Як там было ў Лявона… Гэта звязана з тым, што трэба ўмясціць “паўсвінні-мех-бульбы-сала-самагон… што не зайшло ў багажнік, залезе ў салон, блокаў сілікатных поўненькі паддон…” Людзі проста пераселі з практычных універсалаў на яшчэ больш практычныя мінівэны. Беларус – чалавек практычны, рамантыкаў сярод нас вельмі мала. Калі нават паглядзець на вуліцы горада – кабрыялетаў, іншых цікавых аўтамабіляў – мала.

Аўтамабіль у Беларусі ўсё яшчэ раскоша ці ўжо даўно не?

Без сумневаў нейкі час таму назад аўтамабіль быў прадметам раскошы, і цяпер – гэта не танная рэч, якая купляецца не з аднаго заробку. Але для большасці беларусаў жыццё без аўтамабіля немагчымае. Гэта такая ж рэч як мабільны тэлефон, без гэтага цяпер нікуды – ва ўсіх ёсць дзеці, ва ўсіх ёсць лецішчы…

На колькі павялічылася колькасць карыстальнікаў аўтамабілямі ў Беларусі за апошні час?

Калі казаць пра рынак ужываных аўтамабіляў, то ў сувязі з нагнятаннем сітуацыі з павышэннем мытных пошлін, рынак патрыманых аўтамабіляў павялічыўся прыкладна на 30%. То бок за гэты час увезлі аўтамабіляў на 30% больш, чым звычайна.

У многіх цяпер нават ёсць лішнія машыны, якія ўвезлі ў краіну са спадзяваннем прадаць пасля за больш дарагі кошт, калі пошліны зробяць роўнымі з расійскімі. Цяпер гэта вялікая праблема для гэтых людзей, бо ўкладзеныя грошы яны не вернуць, таму што кошты наадварот упалі.

Цяпер машын у нас нават больш, чым дастаткова. На рынку – лішак, кошты падаюць. Машын стала болей, можна проста паглядзець на двары – прыпаркавацца няма дзе, і гэта становіцца праблемай.

Калі казаць пра новыя аўтамабілі, то цяпер людзі іх практычна не купляюць. Новыя машыны добра прадаваліся ў 2009 годзе, цяпер на рынку зацішша. Ніхто нічога не купляе, таму што ва ўсіх усё ёсць.

Як часта беларусы мяняюць аўтамабілі? Ці ўжо калі купіў – дык на доўга?

У сярэднім раз на тры гады чалавек мяняе аўтамабіль. Што цікава, можна прасачыць вельмі выразную тэндэнцыю – часцей за ўсё гэта адбываецца або вясной, або восенню. Гэта нават звязана з псіхалогіяй, вясной усё абнаўляецца, і ў чалавека з'яўляецца вельмі вострае жаданне памяняць аўтамабіль.

Хто сярэдні ўладальнік аўтамабіля ў Беларусі? Студэнт? Бізнесмен? Сем'янін? Мужчына або жанчына?

Цяжка апісаць сярэдняга беларуса. Ёсць, напрыклад, жыхар правінцыі, пра якога мы можам сказаць, што гэта чалавек, які раней ездзіў на “Фольксваген Пасат-універсал”, а цяпер купіў мінівэн Opel Zafira…

Калі мы кажам пра Мінск, то клас “япі” ў нас тут пакуль яшчэ не з’явіўся, але ў кожным разе людзі пачалі перасаджвацца на новыя аўтамабілі – людзі пазбаўляюцца ад старых прэстыжных аўтамабіляў, напрыклад, Audi A6 ці Мерседэс Е-класу, прадаюць і бяруць машынку паменш – той самы Volkswagen Polo... З гарантыяй. Менш прэстыжны, больш шумны, але новы.

То бок нашы людзі паступова прывучаюць сябе да таго, што новы аўтамабіль – гэта добра. Гэта і бяспечна, і надзейна, і эканамічна. Старая машына заўсёды ламаецца, а новая не патрабуе такой вялікай увагі.

“людзі пачынаюць дэманстраваць густ і купляць дарагія аўтамабілі”

Яшчэ мы можам казаць пра тое, што ў вялікіх гарадах назіраецца тэндэнцыя, што людзі пачынаюць цаніць нейкія ўнікальныя рэчы. Замест таго, каб купіць стандартны вялікі чорны таніраваны Мерседэс, чалавек купляе стары Ягуар, ці стары Порш. То бок з’яўляецца так званая аўтамабільная культура, якая добра развіта ў Еўропе, але ў нас толькі-толькі з’яўляецца.

Людзі спрабуюць вылучыцца, але вылучыцца не банальным цюнінгам ці вялікім равучым глушыцелем, людзі пачынаюць дэманстраваць густ. А густ – гэта не Honda Civic у спойлерах, а гэта добры, стары аўтамабіль, напрыклад, той самы Ягуар.

У апошні час з’явілася вельмі шмат дарагіх машын, то бок беларусы перасталі баяцца. Яшчэ гадоў 7 таму быў клас людзей, у якіх былі грошы, але якія баяліся паказваць дастатак.
Я сам ведаю шмат людзей, бізнесменаў, якія шмат зарабляюць. І калі раней яны спецыяльна ездзілі на сціплых машынах, каб не вылучацца, то цяпер усе гэтыя людзі купілі сабе прэстыжныя, яркія аўтамабілі. Таму што знікла фобія, страх, што цябе заўважаць, і штосьці адбудзецца. То бок людзі ўжо падкрэсліваюць сваё багацце, статус.

Чым мы адрозніваемся ад суседзяў у плане аўтамабіляў?

Мы вельмі моцна адрозніваемся. Напрыклад, такая цікавая дэталь – у Еўропе, калі чалавек прадае ўжываны Citroen, то ён амаль заўсёды ўпэўнены, што за ім прыедзе беларус. Ні палякі, ні літоўцы, ні расіяне, ні ўкраінцы Citroen не любяць. Нашы людзі чамусьці палюбілі патрыманыя Сітраены, і чаму – лёгка тлумачыцца: у яго моцны кузаў, добры дызель, і добры кошт. Беларус любіць, калі машына каштуе танна.

Адрозніваемся мы моцна ад рускіх і ўкраінцаў. Мы не баімся эксклюзіўных марак, не баімся аўтамабіляў а ля Saab, той самы Citroen, Rover – аўтамабіляў, якія ні ў Расіі, ні ва Ўкраіне не прадаюцца. У нас яны прадаюцца, эксплуатуюцца, людзі ездзяць і задаволеныя. У нас больш еўрапейскі менталітэт.

У літоўцаў дамінуюць адны маркі аўтамабіляў, у палякаў – іншыя, яны там літаральна моляцца на Fiat і Seat, у нас – мультыкультурнасць, няма нейкіх пераваг. Калі мы ездзім па Германіі, там толькі серабрысты і чорны аўтамабіль – Volkswagen, Audi, Opel, BMW ці Mercedes. Яны ездзяць на сваім, французы таксама ездзяць на сваім. Гэта як правіла маленькія машынкі самых розных колераў. Беларусы ездзяць на ўсім. У нас абсалютна мультыкультурная нацыя.

А дарэчы, якім колерам аўтамабіляў беларусы аддаюць перавагу?

Тут ужо адбіваецца наш спакойны менталітэт, таму што беларусы аддаюць перавагу спакойным колерам – серабрыстаму, чорнаму, традыцыйна чамусьці не любяць белы. Не зразумела чаму, таму што французы, напрыклад, вельмі любяць белы. Нашы людзі не любяць чырвоны. І не вельмі любяць яркія колеры.

Але зноў такі, паціху сітуацыя змяняецца. Людзі пачынаюць вылучацца. Хтосьці сам размалёўвае аўтамабіль, хтосьці спецыяльна выбірае машыну яркага колеру.

Які аўтамабіль можна збіраць у Беларусі ідэальна? Чаму ў нас ёсць БелАЗ і МАЗ, а легкавушкі няма?

Мы ўжо збіраем іранскі аўтамабіль Samand – малымі партыямі, але ён у гэтым паўгоддзі заняў 3 ці 4 месца ў рэйтынгах продажу новых аўтамабіляў. Кітайцы збіраюцца выпускаць у нас аўтамабілі Geely. Гэта не самыя дрэнныя кітайскія машыны, але зусім не лепшыя на сусветным рынку.

Інтарэс у заходніх вытворцаў да Беларусі агромісты. Той самы “Фольксваген” апошнія 15 гадоў літаральна штогод намацвае глебу на конт зборкі сваіх аўто ў Беларусі. Праз Беларусь праходзяць амаль усе транспартныя развязкі, і гэта вельмі зручна з пункту гледжання зборкі аўтамабіля – зручна прывозіць запчасткі, зручна адпраўляць аўтамабілі і ў Еўропу, ў Расію, ва Ўкраіну… Плюс, вялікая колькасць заводаў і кваліфікаванай працоўнай сілы. Таму, зацікаўленасць вялікая. Але з-за складанасцяў у палітыцы і эканоміцы – баяцца.

А калі разважаць пра тое, чаму мы не збіраем легкавы аўтамабіль, то напэўна пакуль не дараслі. Таму што кожны аўтамабіль нясе частачку, эмоцыю той нацыі, якая яго стварае. Бачна, што французскі аўтамабіль стваралі людзі, якія любяць жыццё, віно, прыгожых жанчын і не так для іх важныя тэхнічныя характарыстыкі.

Немцы, як нацыя, нашмат больш сур'ёзныя, больш дакладныя, сабраныя, і гэта заўважна па аўтамабілях. Наша нацыя – у асноўным выхадцы з вёсак. Ну і адпаведна, як сімвал нацыі, мы маем трактар МТЗ 82, таму ў нас такое вельмі моцнае пачуццё зямлі. А гэта цудоўны трактар. Ну і адпаведна маем аўтамабілі МАЗ – таксама ў прынцыпе нядрэнныя грузавыя машыны. Гэта механізмы, якія заточаныя пад працу, а беларусы любяць працаваць, таму ўсё лагічна.

Калі казаць пра аўтамабіль, які б мы маглі тэарэтычна выпускаць, я думаю – гэта быў бы вельмі практычны аўтамабіль.

Ці часта ў нас парушаюць правілы руху? Наколькі нашы кіроўцы законапаслухмяныя?

У нас усё добра. У кожнай краіне ўсе скардзяцца на ўладу, на тое, што няма грошай, і што людзі дрэнна ездзяць. У нас таксама скардзяцца, што людзі дрэнна ездзяць, але ў нас насамрэч цудоўна ездзяць. Амаль усе расіяне вельмі задаволеныя нашымі кіроўцамі.
Калі глядзець па культуры язды, мы бліжэй да Еўропы. У цэлым узровень язды вельмі высокі. Нашы людзі культурныя на самой справе.

А наколькі строгія даішнікі? Чым нашы даішнікі адрозніваюцца ад замежных?

Тым, што яны людзі. А там яны на працы. Да нашага чалавека лёгка дагрукацца. Калі з ім чэсна і адкрыта размаўляць, нашы людзі купляюцца на шчырасць. Мы зноў такі знаходзімся паміж двух агнёў. Калі казаць пра Расію ці Ўкраіну, там толькі грошы. Не штраф, а хабар у кішэню даішніку. І даішніку там не важна, хто ты, што ты, чаму парушыў, якія ў цябе былі прычыны…

У Еўропе таксама грошы, але афіцыйныя штрафы, дамовіцца ў большасці выпадкаў немагчыма. У нас прамежкавае становішча. Я шмат ездзіў, і параўноўваючы з расійскімі, украінскімі ці еўрапейскімі – з нашымі прасцей за ўсё. У большасці выпадкаў дастаткова проста шчыра прызнацца, сказаць – так, я вінаваты, але давайце знойдзем нейкі кампраміс… І ў большасці выпадкаў атрымліваецца.

З якім прыбыткам людзі могуць сабе дазволіць аўтамабіль у Беларусі? У Амерыцы напрыклад аўто ёсць у кожнага, нават у тых, хто жыве ў вагончыках, а не кватэрах… Калі ў нас будзе такое, што нават бедныя людзі змогуць мець аўтамабілі?

Калі будуць добрыя крэдыты. Насамрэч, усё ўпіраецца ў крэдыты. Калі паглядзець узровень жыцця, выявіцца, што наш узровень жыцця ў большасці выпадкаў не настолькі нізкі, але ў людзей на Захадзе ёсць доступ да танных крэдытаў. І ты можаш мець аўтамабіль і выплачваць за яго нейкую мінімальную суму ў месяц, асабліва гэта тычыцца Амерыкі. Як толькі з'явяцца добрыя танныя крэдыты, адразу ж ва ўсіх з'явяцца аўтамабілі.

Але насамрэч ужо ёсць шмат праблем, і з кожным новым аўтамабілем іх становіцца яшчэ больш. Гэта тычыцца стаянак, парковак, і ў цэлым, нагрузкі на дарожную сетку. Таму што гарады як правіла не разлічаныя на такую колькасць аўтамабіляў. Гэта праблема, якую трэба вырашаць, і якая пакуль амаль не вырашаецца.

Але тыя самыя масквічы, калі чуюць пра нашы пробкі, смяюцца і кажуць – дык якія ж гэта пробкі…

Масква цяпер – гэта віртуальны Мінск, які атрымаў танныя крэдыты. Як толькі ў нашых людзей з'явіцца дастатковая колькасць аўтамабіляў, столькі, колькі ў Еўропе ці Амерыцы – у нас будзе Масква. Прасцей будзе хадзіць пешшу і ездзіць на метро ці ровары.

З кожным годам Мінск становіцца ўсё больш падобным на Маскву. Зусім нядаўна я заўважыў, што на кальцавой дарозе ў Мінску ўжо з'явіліся пробкі. У мінулым годзе такога не было. Гэта кажа пра тое, што машынам цесна. Архітэктары не паспяваюць за ростам аўтамабільнага парку.

І пра гэта трэба казаць, бо калі раптам дабрабыт беларусаў палепшыцца, абсалютна незразумела, што будзе з дарожным рухам, бо ўжо цяпер у нас лішак аўтамабіляў.
У нас усё што робіцца – гэта не планамернае развіццё, а рэакцыя на штосьці. А гэта трэба планаваць і план павінен быць разлічаны мінімум на 5 гадоў наперад.