Беларуская партыя “Зялёныя” мае ідэалагічныя разыходжанні з АДС

Беларуская партыя “Зялёныя” часова прыпыніла свой удзел у выбарчай кампаніі ў рамках кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Прычынай гэтага кроку стала не толькі перакананне партыйцаў у тым, што “выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь практычна не змянілася ў бок дэмакратызацыі”, але і ідэалагічныя разыходжанні з астатнімі ўдзельнікамі АДС.

Справа ў тым, што вясной сёлета Беларуская партыя “Зялёныя” абнавілася. Пра сённяшніх “зялёных” “Еўрарадыё” распавядае намеснік старшыні партыі Юрый Глушакоў:

“Зараз мы сябе пазіцыянуем, як сацыяльна-экалагічная партыя… Калі казаць пра нашых актывістаў, дык большасць з іх – моладзь. Вельмі актыўная, якая прытрымліваецца левых поглядаў”.

Адзначым, што кіраўніком Беларускай партыі “Зялёныя” зараз з’яўляецца Алег Новікаў, які па сваей ранейшай грамадскай дзейнасці вядомы сярод моладзі, як Лёлік Ушкін.