Абменнікі: Ранкам завезлі грошы — але толькі беларускія
Раніцай Еўрарадыё абышло цэнтральныя абменнікі Мінска, знайшло долары, чэргі і нават "чорны рынак".
— Вы за валютай, так? — пытаюся ў дзяўчыны ў "Беларусбанку", што на Карла Маркса, якая падпірае сценку ля касы.
— Так. Трэба аддаць пазыку. А ў рублях яе ніхто не хоча браць.
— Думаеце курс яшчэ вырасце ў бліжэйшыя дні? — спрабую разгаварыць суразмоўцу.
— Я не ведаю, я ўжо нічога не ведаю. Калі яны з гэтымі 30-цю адсоткамі не прадаюць, то што тут можна думаць? — адказвае з адчаем дзяўчына.
У касе сапраўды грошай няма. Самалёты з доларамі, якія мусілі спаталіць валютны голад беларусаў, і пра якія СМІ пісалі ўчора, пакуль, відаць, не разгрузілі. Таму, кажуць у "Беларусбанку", банкі працуюць цяпер з "абаротамі".
"Хто што здасць — мы тое і прадаем. Забароны на продаж валюты ніякай няма. Мы прадаем валюту, калі яна ёсць у наяўнасці. Расійскія рублі набывайце!" — жартуе ветлівая касірка.
З Карла Маркса зварочваю на праспект Незалежнасці. У пераходзе ля ГУМа абменнік наглуха зачынены. У ГУМе абодва абменнікі не працуюць "па тэхнічных прычынах". Абменнік "Белінвестбанка", што збоку ГУМа, толькі адчыніўся: "Долараў і еўра няма, — кажа касірка. — Не ведаю, як там будзе ўдзень".
А вось ва ўніверсаме "Цэнтральны" мяне чакае сапраўдная ўдача. У абменніку "Абсалютбанка" можна набыць долараў амаль колькі прагне душа!
"У нас долары з камісіяй, вы ў курсе? — перапытвае недаверлівы касір. — Долары ёсць. А еўра няма. Колькі вам трэба долараў? 500? Бярыце!"
Перада мной дзяўчына здае 10 еўра і 20 долараў — за тэлефон плаціць жа нечым трэба! Муж і жонка старанна перапісваюць лічбы ў нататнік, шэпчуцца, кажуць, што тут даволі выгадны курс, і ідуць у абменнік Цэнтральнага, што наверсе. Усё ціха, мірна, ніякіх чэргаў і пятнічнага ажыятажу.
У "Беларусбанку", што ў ГЦ "Сталіца", людзей шмат. Але ўсе сядзяць, каб аплаціць камуналку ды крэдыты. Раз-пораз чуецца дзяжурнае: "Долары ёсць?". Долары, ажно 201(!) ёсць побач, у маленькім абменніку "Беларусбанка".
"Ранкам нам грошы завозілі, але прывезлі беларускія, — адказвае касірка на маё пытанне, калі завязуць у банкі долары. — Валюты ніякай не было".
На вакзале, як і меркавалася, сітуацыя з ажыятажам вакол замежных грошай цалкам супрацьлеглая. На першым паверсе ў абодва абменнікі стаяць чэргі, у кожнай па чалавек 5-8. Час ад часу да чэргаў падыходзяць міліцыянты.
— Вы таксама за валютай? — жартую.
— Не, сочым, каб не было незаконных валютных аперацый. Спакойна ўсё пакуль, вы ж бачыце, чэргаў амаль няма — кажуць хлопцы. .
Як толькі міліцыянты адварочваюцца, чарга актывізуецца. "Вы набываць ці здаваць? — пытае жанчына студэнтку. — У вас толькі 10 долараў? То хадземце, я вам памяняю. Толькі не тут жа, натуральна". Я ў гэты час ладжу для астатніх суседзяў па чарзе гайд па мінскіх абменніках, дзе сустракала долары.
"Мне трэба ехаць... Куды я з гэтымі грашыма паеду? — абураецца бабуля ў блакітнай куртцы. — Стаім-стаім. Але ніхто і не здае нічога".
Сітуацыя для жанчын праясняецца, калі малады чалавек здае адразу 300 долараў! Тут жа намалёўваецца і жанчына ў белым пясцы і загарэлая дзяўчына: "Я з адпачынку прыехала — жыць жа трэба за нешта. Таму і здаю". А жанчына ў "пясцы" дадае: "І мы здаем. А што, калі мы жывем і працуем за валюту?".
Да нашай кампаніі далучаецца гаваркі мужчына гадоў 67-мі: да цягніка яшчэ гадзіна, можна і пастаяць:
"Нічога няма? А яны па гэтым курсе прадаюць? Адзінаццаць? А, плюс 30 адсоткаў? 14 тысяч ? Крута апусцілі! Гэта ў якім жа годзе ў нас такое ўжо было? У 11-м? Там жа пасля Новага года падарунак паднеслі. А тут — да Новага года".
На думку мужчыны, напрыканцы наступнага года курс долара можа дасягнуць адзнакі ў 20 тысяч рублёў. А цяперашні ажыятаж звязаны з абясцэньваннем расійскага рубля. Маўляў, вельмі выгадна ездзіць на Усход цяпер з доларамі. "Пайду, — развітваецца мужчына. — Няма сэнсу тут стаяць. Будзем цаніць беларускі рубель!"