"Гэта не мы сыходзім, гэта вы нас кідаеце": расшыфроўваем пасыл Пашыняна да АДКБ
Нікол Пашынян / World Economic Forum
"Гэта не мы сыходзім, гэта вы нас кідаеце", — так перакладае для Еўрарадыё палітолаг Роза Турарбекава словы і дзеянні армянскага прэм'ера Нікола Пашыняна ў дачыненні да АДКБ.
Па сваёй ці чужой волі АДКБ сыходзіць з Рэспублікі Арменія, і Арменію гэта непакоіць, цытуе заяву Пашыняна падчас прэс-канферэнцыі армянскае выданне news.am. Турарбекава лічыць, што такім чынам прэм'ер сфармуляваў прэтэнзію Арменіі да арганізацыі.
У студзені 2023 года Арменія адмовілася прыняць вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі. Такімі дзеяннямі, мяркуе Турарбекава, краіна спрабуе знайсці паразумення ў Расіі.
— Але ж ўсе запыты Арменіі ігнаруюцца. Адказ на іх адмоўны. [На думку АДКБ, сутыкненні з Азербайджанам] не тычацца бяспекі Арменіі, а тычацца пытання спрэчных тэрыторый.
Гаворка ідзе не толькі пра Нагорны Карабах, але і пра калідор, які злучае Арменію з Нагорным Карабахам. З пункту гледжання міжнароднага права, гэта тэрыторыя Азербайджана, у АДКБ гэта разумеюць і таму не хацелі ўвязвацца ў гэтую гісторыю.
Тым больш, Расія і нават Беларусь прадавалі зброю Азербайджану, забяспечваючы абсталяванне азербайджанскай арміі. І Азербайджан, маючы рэсурсы для перааснашчэння арміі, назапасіў сілы, яго ваенны патэнцыял пераўзыходзіць армянскі ў некалькі разоў.
Калі Арменія застаецца з Азербайджанам сам-насам, то зразумела, на чыю карысць скончыцца ваеннае сутыкненне. Я так разумею, раней Азербайджан стрымлівалі нейкія меркаванні міжнародна-палітычнага характару, а цяпер, мабыць, не стрымліваюць. Тым больш, Расія падае вельмі цікавы прыклад у гэтай сувязі.
У верасні мінулага года, пасля кровапралітных сутыкненняў з Азербайджанам, Арменія звярнулася па ваенную дапамогу ў АДКБ. Але АДКБ адно накіравала генсакратара арганізацыі ў зону канфлікту і прапанавала стварыць рабочую групу для аналізу сітуацыі.
Пазней прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раскрытыкаваў АДКБ за тое, што арганізацыя адмовілася падтрымаць яго падчас абвастрэння канфлікту з Азербайджанам. Па словах Пашыняна, якія прыводзіла "Радыё Свабода", гэта "нанесла велізарную шкоду іміджу АДКБ як у нашай краіне, так і за яе межамі".
Ужо сёлета Арменія адмовілася праводзіць сумесныя з АДКБ вучэнні на сваёй тэрыторыі, пісала "Новая Газета". Днямі стала вядома, што Ерэван вырашыў не прадстаўляць кандыдата на пасаду намесніка генеральнага сакратара АДКБ. Пра гэта паведамляў РБК.