Эксперт: пастаўкі нафты з Венесуэлы маюць толькі палітычны сэнс

Пастаўкі венесуэльскай нафты нерэнтабельныя і бессэнсоўныя для Беларусі — такое меркаванне выказвае эксперт расійскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Ігар Юшкоў. Беларускі бюджэт, безумоўна, пацерпіць, лічыць эксперт. Беларусь не будзе павялічваць памер венесуэльскіх паставак, а будзе набываць нафту ў Расіі, бо наладжванне ланцужкоў паставак вельмі дорага абыдзецца Беларусі.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі застаецца толькі палітычны сэнс. Адзінай надзеяй для Беларусі было тое, што Чавес будзе аддаваць Лукашэнку нафту бясплатна, як ён гэта рабіў раней. Але ён вызначыў цану, а яна невыгадная. Таму працяг паставак можна чакаць толькі ў найбліжэйшы час. Потым, калі палітычны ажыятаж сціхне, яны спыняцца, піша сайт ИА REGNUM.

Паводле звестак Мінстату, у траўні сёлета Беларусь імпартавала амаль 80 тысяч тон нафты з краінаў па-за СНД на цане 656 долараў за тону. Ні з якой іншай краіны па-за СНД, акрамя Венесуэлы, нафту ў траўні не пастаўлялі, а значыць гэта ёсць кошт “Санта-Барбары”.