Вечарына, прысвечаная Ларысе Геніюш, сарваная

Вечарына, прысвечаная Ларысе Геніюш, якая мелася адбыцца ў Мінску 9 лютага, пераносіцца на няпэўны час. Так заявіла ў каментары для Радыё "Свабода" Таццяна Шаляговіч, дырэктарка Літаратурнага музею Максіма Багдановіча. Супрацоўнікі музею, пісьменнікі, грамадскія актывісты хацелі ўшанаваць памяць легендарнай паэткі, вязня сталінскіх лагераў, якой сёлета 9 жніўня спаўняецца 100 гадоў. У сувязі з гэтай датай шэраг нацыянальных арганізацый абвясцілі ўвесь 2010 год годам Ларысы Геніюш.

Насуперак чуткам спадарыня Шаляговіч сцвярджае, што вечарына не забароненая. Адмену яна тлумачыць тым, што захварэлі музейныя супрацоўнікі.