“Рок-каранацыі” не будзе, калі забароненыя гурты не пусцяць на сцэну

Пазіцыя арганізатараў сёлетняй “Рок-каранацыі” прынцыповая: на сцэну канцэртнай залы “Мінск”, дзе будуць 29 лютага падводзіць вынікі мінулага рок-года, павінны выйсці гурты “Крама”, N.R.M., “Нейра Дзюбель” і “Палац”. Выступ гуртоў з “чорнага спісу” на “Рок-каранацыі” з’яўляецца галоўнай умовай для таго, каб фэст адбыўся. Пра гэта Еўрарадыё заявіў арганізатар мерапрыемства Юры Цыбін.

Юры Цыбін: “У гэтым годзе стаіць адзінае пытанне – дазволяць выступіць нашым рок-ветэранам, рок-каралям? І для нас гэта вельмі прынцыповае пытанне. І мы прынцыпова настойваем на тым, каб удзельнічалі ў каранацыі каралі мінулых гадоў. Яны шмат чаго зрабілі ў мінулым годзе новага, што мы павінны паказаць на гэтай сцэне ў гэтым годзе”.

Па словах арганізатара рок-фэсту, 2007 год быў вельмі багатым і насычаным на рок-падзеі. Новымі альбомамі адзначыліся амаль усе генералы айчыннага року. Гэта і “Крама”, і N.R.M., і “Нейра Дзюбель”, і “Ляпіс Трубяцкі”, і “J:Моrs”. Шмат было і адкрыццяў. Журы давялося праслухаць больш за 120 камандаў.

“Мы збіраем увесь матэрыял, а потым кожны з сябраў, умоўна кажучы, журы, адбірае па 3 прэтэндэнты найбольш цікавых. Я адслухаў і адгледзеў, каб не схлусіць, больш за 120 калектываў у мінулым годзе”.

Хто ўваходзіць у склад журы, галоўны арганізатар каранацыі не прызнаўся Еўрарадыё. Але пагадзіўся, што пэўная суб’ектыўнасць у гэтам адборы існуе.

Юры Цыбін: “Канешне, крыху суб’ектыўны падыход. Таму што гэта мы прапануем, што было, на наш погляд, найбольш выбітнае летась у беларускім року”.

Але кажа, што арганізатары і журы здольныя прызнаваць свае памылкі і выпраўляць іх. Адной з такіх памылак Юры лічыць тое, што да апошняга часу на каранацыі вельмі мала быў прадстаўлены “цяжкі рок”. Але гурт “Rasta”, які летась атрымаў карону, прабіў дарогу на каранацыю і іншым прыхільнікам металу.

Калі з маладых гуртоў, на думку арганізатараў, бясспрэчным лідэрам з’яўляецца гурт “Тарпач”, то пытанне каму аддаць карону абяцае стаць самай вялікай інтрыгай сёлетняй “Рок-каранацыі”. Прэтэндэнтаў як мінімум 5.

Юры Цыбін: “Гэта будзе залежаць толькі ад рашэння сябраў журы. Таму што мне асабіста падабаецца і “Stasi” “Нейра Дюбеля”, і новы альбом “Крамы”, і той жа самы “J:Моrs”, і “Ляпіс Трубяцкі”. І тым цікавей “Рок-каранацыя” сёлета атрымоўваецца”.

Пацікавілася Еўрарадыё, ці застанецца сёлета сярод намінацый самая жаночая – “Рок-князёўна”. Заснавальнік “Рок-каранацыі” прызнаўся, што пытанне аб адмене гэтай намінацыі неаднаразова ўздымалася, але ён і надалей будзе на такую адмену накладаць сваё вета. Кажа, гэта адна з галоўных фішак усяго мерапрыемства.

Юры Цыбін: “Канешне, яна павінна быць! Гэта фішка “Рок-каранацыі”, і я яе буду адстойваць”.

І па сакрэце прызнаўся, што галоўнай прэтэндэнткай у князёўны сёлета лічыць вакалістку гурта “Тарпач” Вольгу Самусік.

Яшчэ адной фішкай “Каранацыі” арганізатары лічаць уручэнне карон вядомымі музыкамі і выканаўцамі. Не збіраюцца адмаўляцца ад традыцыі і сёлета. Праўда, хто будзе запрошаны, пакуль невядома. Але ў аргкамітэце ўпэўненыя – ніхто не адмовіцца.

Юры Цыбін: “Будуць згодныя ўсе выйсці на сцэну. Пачынаючы з самых вядомых нашых музыкаў. Ніхто не адмовіцца. Як у мінулым годзе, калі яны не ведалі, ці забаронены беларускі рок, ці не забаронены. А сёлета пагодзяцца ўсе, каго б я ні запрасіў. Але я не ведаю яшчэ, каго мы запросім на ўручэнне галоўнага прыза”.

Музычны крытык “Белгазеты” Таццяна Заміроўская не здолела назваць ні аднаго маладога гурта, які б мог прэтэндаваць на намінацыю “Адкрыццё года”. На яе думку, 2007 год выбітны вяртаннем генералаў беларускага року – “Крамы”, N.R.M. і “Нейра Дзюбеля”. Кажа, гурты стварылі такія цікавыя альбомы, што і ўсю “Каранацыю” можна прысвяціць ім адным.

Таццяна Заміроўская: “Я лічу, што гэтым разам трэба правесці рэтра-“Рок-каранацыю” і стылізаваць яе пад часы 90-х. Бо менавіта ў гэтым годзе ўсе нашы рок-мастадонты выпусцілі вельмі моцныя альбомы -- “Крама”, N.R.M., “Нейра Дзюбель”. Вайцюшкевіч –вельмі добры альбом “Лірыка”, такі рок-н-рольны. А вось з маладых выканаўцаў чамусьці не магу нікога зараз узгадаць”.

Колькі будзе каштаваць білет на “Каранацыю”, Юры Цыбін пакуль Еўрарадыё не сказаў. Але ўпэўнены, што людзей на канцэрт захоча прыйсці шмат.