Хулігана, які зладзіў пагром у касцёле, знайшлі праз чатыры гады

Міліцыя знайшла хулігана, які ўчыніў у кастрычніку 2006 года пагром у касцёле Ражства Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі, паведамляе БЕЛТА.  З храма тады таксама скралі масіўны падсвечнік вышынёй амаль у паўтара метра і коштам болей за 300 тысяч рублёў. Злачынца пакінуў у касцёле адпячаткі пальцаў, там былі і сляды яго крыві. Дзякуючы гэтаму вызначылі яго генатып, але самога злачынцу знайсці не маглі. Натрапілі на яго след толькі цяпер. Гэта 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар. Прычыну свайго ўчынку чатырохгадовай даўніны ён патлумачыць не можа. Год таму малады чалавек ужо прыцягваўся да адказнасці за хуліганства, калі разбіў піўной пляшкай вітрыну пошты.