Генерал Крутаў: З-за мяжы ва Украіну патрапілі яшчэ 300 спецназаўцаў
Кіраўнік Антытэрарыстычнага цэнтра, першы намеснік СБУ Украіны генерал-лейтэнант Васіль Крутаў пракаментаваў апошнія падзеі.
Як вядома, ён кіруе антытэрарыстычнай аперацыяй на ўсходзе Украіны, камандуе спецпадраздзяленнямі СБУ, МУС і Міністэрства абароны. Учора ўкраінскія сілавікі ўзялі пад кантроль аэрадром у Краматорску, на месцы падзеяў знаходзіўся і Крутаў.
Паводле яго слоў, у нядзелю ва Украіне знаходзілася каля 150 "зялёных чалавечкаў" (расійскіх спецназаўцаў), у панядзелак да іх дадаліся яшчэ 300 чалавек. Генерал-лейтэнант падкрэсліў, што гэта "надзвычай прафесійныя і падрыхтаваныя спецназаўцы, якія маюць досвед работы ў многіх гарачых кропках", паведамляе сайт censor.net.ua.
Адказаючы на пытанне пра тое, якім чынам расійскія спецназаўцы пераходзяць мяжу, Васіль Крутаў (сам у мінулым легендарны спецназавец) адзначыў, што "для прафесіянала прайсці мяжу — гэта тое самае, што нам у дзяцінстве было ў кіно схадзіць".
Дарэчы, учора да аэрадрома каля Краматорска прыйшоў натоўп людзей, якія падтрымліваюць сепаратыстаў. Крутаў выйшаў да іх пагаварыць, але тыя не хацелі яго слухаць, пачалі штурхаць. У выніку, спецназ адціснуў пратэстоўцаў і адагнаў іх стрэламі ў паветра.